Мара Тамковіч: «Беларусі патрэбна антыгеройскае кіно. Мы — краіна вельмі красамоўных зладзеяў»

Рэжысёрка — пра неадпрацаваную траўму 2020-га, спосаб перастаць баяцца і пра тое, хто мог бы сыграць Лукашэнку.

Беларуская рэжысёрка Мара Тамковіч, чый фільм «Пад шэрым небам» трапіў на прэстыжны амерыканскі кінафестываль Tribeca, распавяла на канале Жизнь-малина  пра тое, хто мог бы сыграць ролі Ціханоўскай і Лукашэнкі, ці атрымаецца ў «Беларусьфільма» зняць кіно пра падзеі 2020 года і як Беларусь ператварылася ў павільён для расейскіх здымак. Выбралі найбольш цікавае з вялікай размовы.

«Пад шэрым небам» — мастацкая стужка, натхнёная асобамі беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, распавядае пра іх гісторыю ад пачатку пратэстаў 2020 года да арышту Кацярыны за эфір з Плошчы Перамен і падчас яе знаходжання за кратамі.

— Тое, што з Кацяй адбывалася, дэканструявала нашу рэчаіснасць, — мяркуе Мара Тамковіч. — Спачатку мы жылі ў свеце, дзе прыкладна ведалі правілы гульні: ты выйшаў на акцыю, цябе затрымалі, далі содні, ты іх адбыў і выйшаў — а далей гэтыя правілы развальваліся, проста на ейным кейсе. Мы ж раней лічылі «ой, ды не пасадзяць», «ой, ды не дасядзяць нашыя пратэстоўцы свой тэрмін цалкам» — а цяпер лічым, калі каму даюць два гады, што яму яшчэ пашанцавала.

Для мяне гэты фільм — не эксплуатацыя болю, а спроба справіцца і перажыць гэты боль. Я запыталася ў сваіх герояў, ці яны гатовыя да гэтага, — і наколькі я змагла зразумець тую гераіню, якая адлюстроўвае Кацю Андрэеву ў фільме, для яе вельмі важна, каб ейная гісторыя, ейны лёс не быў забыты. Гэта падмурак веры, што ўсё тое, што адбывалася, мае сэнс. Гэта кіно, хутчэй, не пра пратэст, а пра ягоны кошт і пра каханне, толькі ў менш рамантычным сэнсе, як мы яго ўяўляем — каб прымаць цяжкія выбары другога боку.

Беларусь, пагаджаецца рэжысёрка, сёння ёсць здымачным павільёнам для Расеі. Але значна больш сумны не гэты факт, а тое, што «Беларусь з’яўляецца таксама ваенным павільёнам для Расеі».

— Ці магчыма зняць беларускі серыял а-ля Netflix? Я думаю, так. Прыкладам, пра паўстанне дыктатуры ў Беларусі, пераломныя 90-я.

Актор на ролю Аляксандра Лукашэнкі? Вельмі цяжкае пытанне. Калі задавацца ім сур’ёзна, то, па-першае, гэта не можа быць амерыканец, хутчэй, і не заходнееўрапейскі актор, гэта мусіць быць хтосьці з патэнцыялам маламестачковага гопніка крыху, але пры гэтым са стрыжнем моцнай улады ў вачох. Ёсць адзін беларускі актор, пра якога я думала, але не ведаю, ці можна зараз яму падкласці такую свінню, — я б спрабавала «ляпіць» маладога Лукашэнку з Лёшы Сапрыкіна (стваральнік «Фонду гумарыстычнай салідарнасці» — С). Калі несур’ёзна — то Саша Барон Коэн, але ён Лукашэнку ўжо сыграў.

А на ролю Ціханоўскай? Марына Юрэвіч, цяпер Якубовіч. Калі паглядзець знешне, то адразу яна можа падасца непадобнай, але ж тут справа не ў падабенстве, а ў тым, каб быў дыяпазон, каб глядач паверыў. А калі клікбэйтны варыянт, то Ціханоўскую магла б сыграць Меган Фокс.

Мяркую, Беларусі трэба ісці не ў геройскае кіно, а ў антыгеройскае. Мы — краіна вельмі красамоўных зладзеяў. А дэканструкцыя зла — спосаб на тое, каб перастаць яго баяцца, каб яно згубіла сваю моц над намі і перастала быць міфічным, усёмагутным.

Таму серыял пра 90-я і Лукашэнку таго часу быў бы для мяне цікавы — гэта такі пераломны момант. Мы маглі пайсці ў тым накірунку, што і Літва, але адбыўся іншы гістарычны выбар, і як раптам на пераломе выйшаў такі чалавек, які трымае краіну ўжо 30 гадоў, як ён стаўся тым, кім стаўся цяпер — цікава.

Наш 2020 год — таксама вялікая і яшчэ неадпрацаваная траўма. Фіксацыя на ёй творцаў ёсць і будзе яшчэ нейкі час. Прыкладам, пра Другую Сусветную вайну здымаюць яшчэ і цяпер, але шукаюць такія перспектывы, якія не ўздымалі раней — Джонатан Глэйзер зняў «Зону інтарэсаў» пра нямецкую сям’ю, якая жыве і саджае кветачкі на фоне Асвенцыма, і атрымаў за гэты фільм «Оскар»…

Я спадзяюся, што калі прыйдзе Новая Беларусь, то канструкт «Беларусьфільма» будзе разабраны, і мы ўжо не будзем тымі ж самымі сіламі, у тым жа самым стылі, здымаць кіно пра 2020 год.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(6)