Комментарии

Ірына Марозава

«Шкоду ад санкцый» даказаць практычна нерэальна, і ніводны суддзя ў здаровым сусвеце не прысудзіць кампенсаваць яе»

Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк — пра «справу 104» і пагрозы адымання маёмасці ў  беларусаў замежжа.

Улады пагражаюць беларусам, якія з’ехалі за мяжу, арыштам і канфіскацыяй жытла.  Следчы камітэт раней абвясціў, што заведзеная крымінальная справа як мінімум на 104 чалавек, якія ўдзельнічалі ў святкаванні Дня Волі. Прапагандысты ўжо назвалі імёны некаторых актывістаў, чые кватэры апячатаныя.

Але хто і як мусіць даказаць сам факт нанясення шкоды «стратэгічным нацыянальным інтарэсам» дзяржаве праз «заклікі да санкцый», а тым больш разлічыць яе памер? Альбо ў сітуацыі, калі сілавікам усё больш не да законаў, фальсіфікацыя спраў супраць апанентаў рэжыму будзе проста пастаўленая на паток без усякіх доказаў?

— Перадусім, трэба вызначыць, што гаворка ідзе пра палітычны пераслед, — падкрэслівае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк, пазбаўлены ў Беларусі адвакацкай ліцэнзіі. — Калі раней парадыгма ўладаў была такая, што палітычнага пераследу ў нас няма, гаворка пра крымінальнікаў (Бабарыка нібыта не плаціў падаткі, Бяляцкі нешта задэклараваў няправільна, і г.д.), то цяпер палітычны падтэкст настолькі відавочны, што нават не хаваецца ў афіцыйных паведамленнях.

Міхаіл Кірылюк

Для мяне нават не будзе дзівам, хоць і стане дадатковай сумнай навіной, калі пачнуць забіраць маёмасць у сваякоў беларускіх актывістаў — бо калі можна пагражаць турэмным тэрмінам брату, маці ці сыну палітычных апанентаў, то чаму ім нельга пагражаць адабраннем маёмасці. Могуць сфальсіфікаваць справу, заявіць, што маёмасць набытая за грошы «ворага народа» — і ўсё на тым.

Новая хваля рэпрэсій, на думку Міхаіла Кірылюка, выглядае як прывязка да выбараў у КР — але агулам пакуль улады будуць адчуваць небяспеку для сябе, то бок, пакуль па-за межамі краіны будуць заставацца актыўныя беларусы, якія імкнуцца ствараць інстытуты для прадстаўлення Беларусі на міжнароднай арэне, пераслед дыяспары наўрад ці спыніцца.

Як мусіў працаваць закон у дадзенай сітуацыі? Найперш, не павінна быць палітычнага пераследу, незалежна ад таго, падтрымлівае чалавек Лукашэнку, ці Бабарыку, ці Пазняка, гаворыць юрыст:

— Пераслед за палітычныя погляды незаконны ў любой краіне свету. Акрамя таго, чалавеку павінна быць дадзена магчымасць выступіць у сваю абарону ў судзе без рызыкаў для ягонага жыцця. А калі такія ёсць, — як прыклад, шумная справа, калі Вялікабрытанія не выдала Асанжа ЗША, бо англійскі суд не быў упэўнены, што не будзе парушана яго права на свабоду слова і не будзе прадузятае стаўленне да яго. Хоць амерыканскі суд у прававых рэйтынгах знаходзіцца ў топе і разбірае справы збольшага справядліва.

Таксама чалавек павінен мець магчымасць карыстацца паслугамі праўніка — а іх у Беларусі некалькі соцень пазбаўленыя ліцэнзій па палітычных матывах.

Нарэшце, што да памеру «нанесенай шкоды» — яе таксама мусяць пацвердзіць, абгрунтаваць і разлічыць па рынкавых коштах эксперты, незалежна ад таго, ідзе гаворка пра плот, пашкоджаны каровай, ці аўтамабіль у ДТЗ. І часта гэтыя заключэнні займаюць дзясяткі старонак справы.

Міхаіл Кірылюк прыводзіць прыклад, як гэта дзейнічае (насамрэч не) у Беларусі: у 2020-м ягонага кліента абвінавацілі ў тым, што ён даў $300 на набыццё лазерных указак, нібыта каб раздаць іх удзельнікам пратэстаў, каб асляпіць АМАПаўцаў.

Калі адвакат запатрабаваў ад КДБ прад’явіць «пацярпелых», указкі, нанесеную імі шкоду, пацверджаную дакументальна, яму наўпрост сказалі: калі кліент не прызнае віны, то будзе абвінавачаны ў здрадзе дзяржаве і трапіць за краты на 10 год, а калі пацвердзіць прызнанне, якое ў яго атрымалі без прысутнасці абаронцы — «можа, адсядзіць пару год за ўдзел у масавых пратэстах». На жаль, гэта пераканала чалавека пайсці на супрацу з «органамі».

Відавочна, такога падыходу сілавікі прытрымліваліся і пазней. Так, артыкул «заклікі да санкцый» быў унесены ў КК РБ у 2022 годзе — і тады ж прайшлі завочныя суды і былі арыштаваныя рахункі і маёмасць у Аляксандры Герасімені, Паўла Латушкі і іншых заўважных праціўнікаў рэжыму. Пракуратура патрабавала спагнаць з Паўла Латушкі каля $3 мільёнаў нібыта за «пагромы і падпалы», проста на падставе нейкай даведкі з міліцыі.

— Для мяне гэта відавочны доказ таго, што справа была сфальсіфікаваная, — зазначае юрыст, — і проста са столі ўзялі прыкладны кошт дома Паўла Латушкі, накінуўшы «зверху» яшчэ, каб не было магчымасці патрабаваць рэшту. Гэта абсалютна незаконны падыход.

Калі разважаць сістэмна, то шкоду ад «заклікаў да санкцый» (а гэта таксама цалкам неправавы тэрмін, бо кожны мае права на свабоду слова, да таго ж, выходзячы з плакатам у Польшчы, я не знаходжуся ў юрысдыкцыі рэжыму Лукашэнкі) даказаць амаль немагчыма, і ніводны суддзя ў здаровым сусвеце не прысудзіць кампенсаваць яе. Гіпатэтычна адзіны выпадак, у якім яе могуць спагнаць — калі я сфальсіфікую інфармацыю, сапсую рэпутацыю прадпрыемства непраўдзівымі звесткамі.

Калі адміністрацыя Лукашэнкі сцвярджае, што беларусы наносяць шкоду ўмоўнаму «Беларуськалію», гаворачы, што за гэтыя сродкі фінансуецца беларускі рэжым і што на прадпрыемстве ідуць звальненні па палітычных матывах — давядзіце ў справядлівым судзе, што ў гэтых закліках няпраўда.

Рэжым Лукашэнкі за гэтыя сродкі фінансуецца? Так. Звальняюць людзей «за палітыку»? Так, ёсць шматлікія сведчанні. То бок, падстаў для спагнання шкоды ніякіх няма.

— Што рабіць беларусам, які зараз трапілі пад новы віток пераследу? Ці ёсць магчымасць у перспектыве вярнуць сваю маёмасць і грошы, калі даказаць незаконнасць прысудаў?

— Як мы бачым, для адміністрацыі Лукашэнкі ўяўляецца пагрозай любая палітычная дзейнасць за межамі краіны, і калі два гады таму пераследавалі толькі вярхушку, то цяпер гэта закранае і актывістаў (у прыватнасці, СК РБ распачаў «крыміналку» супраць усіх 257 удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную Раду, ім інкрымінуюць 4 артыкулы, сярод якіх «змова з мэтай захопу ўлады», «экстрэмісцкая дзейнасць», «заклікі да мер абмежавальнага характару» — С).

Таму можна параіць, па-першае, захоўваць усе меры бяспекі — напрыклад, закрываць твар на масавых акцыях беларусаў замежжа. Калі ж ёсць жаданне ўдзельнічаць у палітычных актыўнасцях, — варта прадаць сваю маёмасць у Беларусі, прычым не фіктыўна, блізкім людзям, а рэальна, і вывозіць грошы з краіны.

Ну, і трэцяе — рабіць усё ад вас залежнае, каб набліжаць момант, калі мы зможам прымяняць рэстытуцыю ўсіх незаконных спраў. Як гэта рабілася пасля развалу ўсходняга блоку сацлагера і СССР у некаторых краінах Усходняй Еўропы. Тое самае трэба будзе рабіць у Беларусі: вяртаць маёмасць, канфіскаваную па незаконных рашэннях, прыцягваць да адказнасці тых, хто ўдзельнічаў у такіх рашэннях.

У дадзеным выпадку следчыя, пракуроры, суддзі, усе, хто працуе над фальсіфікацыямі, падпадаюць пад артыкулы КК 427 (службовы падлог), 424 (злоўжыванне ўладай), 392 (вынясенне заведама неправасуднага выраку), 393 (прыцягненне ў якасці абвінавачанага заведама невінаватага), 395 (фальсіфікацыя доказаў), а калі гаворка пра ціск на родных актывістаў — яшчэ арт. 397 (завежама незаконнае затрыманне ці ўзяцце пад варту) і 398 (заведама незаконны вобшук).

Пакаранні па гэтых артыкулах прадугледжваюць да 10 год турмы, а таксама абавязак сплачваць кампенсацыю за нанесеную шкоду невінаватым людзям.

Так, гэта магчыма будзе зрабіць толькі тады, калі Беларусь атрымае сапраўдны суверэнітэт, але рэстытуцыя, безумоўна, патрэбная, бо неправавыя рашэнні закранаюць ужо сотні людзей. І я ўпэўнены, што цяперашнія ахвяры палітычнага пераследу перажывуць Лукашэнку, а новай уладзе, якой бы яна ні была, давядзецца вырашаць палітычны крызіс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(9)